У другой серыі сваіх допісаў блогер Павел Бераснёў расказвае, як ён узважваў усе «за» і «супраць» розных матэрыялаў для будоўлі сцен. Без перабольшванняў распавядае пра свае жыццёвыя патрэбы і зыходзячыя з гэтага падставы выбару. Негледзячы на тое, што сам Павел называе свой будаўнічы праект «Хата з краю», відавочна, што гэта ні ў якім разе не адлюстроўвае яго ставіны да жыцця і галіны домабудоўлі. Дарэчы, чытайце самі.
З самага пачатку лепш за ўсё ўзяць аркушык паперы, сабраць сямейную нараду і запісаць усё тое, што вы чакаеце ад дома: колькі паверхаў там будзе, якой павінна быць агульная плошча, колькі пакояў і з якім функцыяналам, ці будзе там камін, тэраса і г.д. Чым больш падрабязнасцей, тым прасцей у далейшым будзе выбіраць.
Для сябе мы адразу вырашылі, што нам не патрэбны вялікі дом – недзе 90-120 «квадратаў» для жыцця будзе дастаткова. Нават калі з’явіцца многа дзяцей, яны ўсё адно пасля 18 гадоў з’едуць падалей ад бацькоў, а спадзявацца на сумеснае пражыванне ў доме трох пакаленняў зусім не варта – апошні раз гэта было модна недзе ў XIX стагоддзі.
Другой прынцыповай штукай для мяне была наяўнасць каміна. Ну каб як у галівудскіх фільмах – зімовым халодным вечарам накідаць у камін дроваў, сесці ва ўтульнае крэсла і заліпнуць на вогнішча 🙂
З такімі ўваходнымі дадзенымі мы і пачалі выбіраць варыянты будаўніцтва, якіх на сёння вельмі многа, і кожны з іх мае свае перавагі і недахопы.
З якіх матэрыялаў наогуле можна пабудаваць дом?
Дом из керамзитобетонных блоков
Дом из арболита или по технологии «дюрисол»
Дом з блокаў
Гэта сёння самы распаўсюджаны варыянт у Беларусі. Галоўныя аргументы «за» — 1) надзейна і 2) ўнукам яшчэ дастанецца.
Я папрасіў свайго сябра, Алеся Сержановіча, які як раз будуе такі дом, напісаць пра перавагі і недахопы гэтага варыянту:
Плюсы:
- добрая цеплаізаляцыя, асабліва калі выкарыстоўваць блокі таўшчынёй 40-50 см;
- лёгкасць канструявання ў параўнанні з цагляным домам;
- высокая вогнебяспечнасць;
- кошт параўнальны з сярэднімі прапановамі па «каркасніках», але ўсё ж каменны дом;
- пры добрых грунтах можна зэканоміць на падмурку, бо блокі — лёгкі матэрыял.
Мінусы:
- дом не дыхае, і, па чутках, нешта там можа выдзяляцца, але гэта больш забабоны;
- у параўнанні з «каркаснікам» марудны тэмп будаўніцтва;
- могуць узнікнуць праблемы ў мацаванні цяжкіх штук на сцены, бо блокі, асабліва некаторых вытворцаў, «сыпучыя».
Я б яшчэ ў плюсы дадаў магчымасць будаваць хату з блокаў паступова. Гэты варыянт актуальны, калі адразу на ўсё грошай у скарбонцы недастаткова: трохі падсабіраў – заліў падмурак, потым – набыў блокі, склаў сцены і г.д. Акрамя таго, вялікую частку некваліфікаваных работ можна рабіць самому, а калі сярод родзічаў ёсць будаўнікі – то і ўвесь дом можна скласці сямейным падрадам.
Да мінусаў я б дадаў вялікія выдаткі грошай, работы і часу на аддзелку – знешнюю і ўнутраную. А наконт параўнальнага кошту з «каркаснікамі» варта паспрачацца 🙂
Ад дома з блокаў мне прыйшлося адмовіцца, таму што ў будаўніцтве я разбіраюся трохі больш, чым ніяк, і сярод блізкіх родзічаў крутых будаўнікоў таксама няма. Гэта значыць, што да ўсіх больш-менш кваліфікаваных работ мне б прыйшлося прыцягваць спецыялістаў і кантраляваць якасць іх працы, што значна павялічвае кошт будаўніцтва.
Колькі каштуе пабудаваць сцены
Дом з дрэва
Драўляны дом – гэта цёпла і лампава 🙂 Плюсы: экалагічна і як у дзядоў. Мінусы: трэба апрацоўваць рознымі штукамі, каб не пагніло і пацукі не паелі.
Варыянт вельмі добры, калі маецца доступ да таннага лесу, а сярод блізкіх ёсць крутыя цесляры. Але, на жаль, ні першага, ні другога ў мяне няма.
Наогул, разглядаючы розныя праекты і матэрыялы, я прыйшоў да высновы, што ідэальнае для мяне выйсце – гэта амаль што дом «пад ключ». Ну за выключэннем фінальнай дробнай аддзелкі, бо пафарбаваць і папрыбіваць розныя штукі я і сам магу. Такім чынам выбар дайшоў да «каркаснікаў».
Каркасныя дамы
Па гэтай тэхналогіі будаўніцтва ідзе шмат гадоў у розных краінах, але для Беларусі гэта ўсё яшчэ навінка. І многія гаспадары пры ўзгадванні «каркаснікаў» крывяць тварыкі: маўляў, не патрэбны нам гэтыя домікі Ніф-Ніфа.
Але людзі ва ўсім астатнім свеце таксама не лыкам шытыя – і неяк жа будуюць «каркаснікі», і жывуць у іх. Бо сістэма простая і зразумелая: каркас, уцяпляльнік і абшывачка з двух бакоў. І будуецца вельмі хутка.
Карацей, было прынята псіхалагічнае рашэнне будаваць «каркаснік», калі ён атрымаецца танней за астатнія варыянты. Патрабаванні былі такія:
1) Будаўніцтва па-максімуму «пад ключ», бо самому наймаць людзей і іх кантроліць выходзіць даражэй;
2) Знайсці стандартны праект, які б адпавядаў нашым патрэбам. Зноў такі, каб зэканоміць на распрацоўцы ўнікальнага праекта.
Пры выбары свайго «каркасніка» я перабраў некалькі кантор. Падзялюся спасылкамі і ўражаннямі. Самым першым разглядаўся «Гомельдрэў». Там каркасныя дамы збіраюцца ўжо шмат гадоў, і ёсць прыкольны па планіроўцы праект “Іпуць” на 154 квадраты.
Мы нават з’ездзілі ў Гомель на прадпрыемства, бо ў іх на тэрыторыі стаіць такі сабраны дом — можна пахадзіць унутры і памацаць яго рукамі. Дом сімпатычны, але само прадпрыемства – гэта капец. У тым сэнсе, што яно дзяржаўнае – пару чалавек у аддзеле продажаў рубяцца ў «касынку» на кампе, яшчэ адзін (без кампа) – шпурляе асадку па стале ў чаканні абедзеннага перапынку. А пакуль мы хадзілі па «Іпуці», там прарвалася батарэя. Наш «экскурсавод» спрабаваў адначасова вычарпаць ваду і дазваніцца да сантэхнікаў, а ўсе астатнія супрацоўнікі прадпрыемства праходзілі міма і ніяк не хацелі ўдзельнічаць у працэсе выратавання дома… У прынцыпе, як яны там працуюць, мне ўсё адно, але недзе на падсвядомасці я разумеў, што зарплаты ўсіх гэтых лішніх на вытворчасці людзей закладзены ў сабекошт дома…
Карацей, з «Гомельдрэвам» лёс не склаўся: адзін камплект без уцяпляльніка (бо мінвату няма сэнсу везці з Гомеля ў Менск) каштаваў яшчэ больш-менш прымальна, але калі дадаць дастаўку, зборку, уцяпляльнік – то цана станавілася не зусім прывабнай.
Пасля глядзелі праекты каркасных дамоў у «Ляхавічыдрэў». Там ёсць што павыбіраць, але ў выніку цэны ўсё-такі не спадабаліся. А зараз, дарэчы, у іх на сайце вісіць проста цудоўная фраза: «В связи с загруженностью производства прием заказов ПРИОСТАНОВЛЕН». Ва ўсёй краіне крызіс, рынкі сціскаюцца, кліентаў з жывымі грашамі на руках носяць, а гэтыя рабяты з Ляхавічаў дазваляюць сабе пісаць такія рэчы 🙂
На адной з будаўнічых выстаў дурыў галаву прадстаўніку кампаніі «Каркасныя будаўнічыя тэхналогіі». Кампанія падалася адэкватнай, але цэны на той момант мне не спадабаліся.
Я ўжо нават пачаў думаць, што Беларусь да «каркаснікаў» за нармальныя грошы яшчэ не дарасла, але тут на нашым рынку з’вілася кампанія «Зодчий», дачка расейскай аднайменнай канторы, з даволі цікавымі па цане дамамі. На адным з іх мы і зрабілі выбар – «Фенікс 2К».
Усе падрабязнасці, плюсы і мінусы гэтага дома – у наступнай серыі.
P.S. Разглядаў таксама і зусім экзатычныя для нас варыянты – напрыклад, дом з саломы. Яно, канечне, крута, але выпрабоваць на сабе новую тэхналогію па цане звычайнага дома – неяк не прыкольна. Калі б на 50% танней – то можна было б і рызыкнуць:)
Папярэдняя серыя: Як я шукаў участак пад будаўніцтва дома