Як я шукаў участак пад будаўніцтва дома

  • 8 апреля 2016
  • 326 просмотров
  • 0 комментариев

Як я шукаў участак пад будаўніцтва домаБлогер Павел Бераснеў больш за тры дзесяткі гадоў пражыў у кватэры, перад тым як вырашыў стаць вясковым жыхаром і пабудаваць свой дом за горадам. Паралельна ён вырашыў дзяліцца вопытам будаўніцтва ў інтэрнэце і распачаў праект «Хата з краю», дзе расказвае пра свае уражанні, праблемы і радасці. Досвед Паўла нам падаўся дастаткова цікавым і карысным, каб быць пачутым шырокім колам людзей, якія вырашылі будавацца. У гэтай частцы размова пойдзе пра пошук зямельнага ўчастка.
Выбар участка – гэта бадай што самая важная частка. Бо калі сам праект хаты або нейкі функцыянал можна змяняць на позніх этапах будаўніцтва, то з участкам такая фішка не пракаціць. Таму выбіраць месца для жыцця варта вельмі ўважліва і з галавой.

Якім чынам можна прыдбаць ўчастак пад будаўніцтва?

  1. Самы просты варыянт – зайсці на сайт-каталог нерухомасці, выбраць той участак, што падабаецца, і набыць ў іншых людзей. Але каштаваць гэта будзе нятанна, калі, канешне, участак знаходзіцца не чорт ведае дзе і яго гатовы аддаць амаль што бясплатна.
  2. Другі варыянт – набыць участак на аўкцыёне. Што і дзе зараз прадаецца – трэба глядзець на сайтах райвыканкамаў і аблвыканкамаў, а таксама можна тэлефанаваць у сельсаветы і пытаць, што яны плануюць выстаўляць на продаж. Плюсы такія ж, як і ў першым варыянце – вы загадзя бачыце, які ўчастак купляеце. Мінусы – аўкцыён можна не выйграць. Ну і ўчастак можа абысціся ў кругленькую суму.
  3. Трэці варыянт – проста атрымаць свабодны ўчастак. Для гэтага трэба падаць у адпаведны сельсавет пакет дакументаў і стаць на чаргу (Не ўпэўнены на 100%, але, па-мойму, для гэтага нават не трэба мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў! Калі ёсць юрысты ці дасведчаныя ў тэме – папраўце мяне). Свабодныя ўчасткі выдзяляюцца па чарзе з улікам таго, якія вёскі былі ўказаны ў заяве: як толькі да вас дойдзе чарга, вам патэляць з сельсавета. Калі пагаджаецеся – то пачынаеце афармляць дакументы і выкупаць участак па кадастравым кошце. Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зніжка – плаціць трэба толькі 20% ад кадастравага кошту.

Калі коратка, то схема такая: выбіраеце вёску, збіраеце інфармацыю пра перспектывы атрымання там участкаў (шукаеце ў інтэрнэце на сайтах аблвыканкамаў і райвыканкамаў, распытваеце мясцовых жыхароў, або дурыце галаву супрацоўнікам сельсавета), дазнаецеся ў сельсавеце пра пакет дакументаў, пішаце заяву і чакаеце. Усе падрабязнасці пра парадак – чытайце ў Пастанове Саўміна ад 30 снежня 2011 года № 1781 (вось тут даступны тэкст, але правярайце актуальны стан дакумента).

Важны нюанс: з сельсаветаў, як правіла, нармальнай інфы не даб’ешся ні па ўчастках, ні пра памер чаргі – віляюць і не хочуць казаць нічога пэўнага, бо чужыя людзі ім не надта патрэбны. Таму варта праяўляць настойлівасць і выпытваць да канца.

Наш шлях: як выбіралі ўчастак

Спачатку праманіторылі сайты з аб’явамі і аўкцыёнамі. І вырашылі, што гэта дорага. Трэба спрабаваць атрымаць участак ад дзяржавы (усё ж вакол народнае, то чаму б і не ўзяць з дзесятак сотак сабе?).

Як я шукаў участак пад будаўніцтва дома

Далей вызначыліся, што 40-кіламетровая зона вакол Менску нас у прынцыпе задавальняе. Чым бліжэй, тым лепей. Таксама месца павінна быць недалёка ад населенага пункта з інфраструктурай. І абавязкова – участак павінен быць крайнім і каля лесу (ну гэта маё патрабаванне, бо я вырас у горадзе-лесе).

Сталі разглядаць розныя напрамкі. Магілёўскі адразу адваліўся: там так сабе краявіды і выезд/уезд па Партызанскім праспекце – проста гамон. Слуцкі напрамак: суцэльныя палі і няма буйных населеных пунктаў. А да Узды – далекавата. Брэсцкі напрамак даволі цікавы, бо там ёсць Дзяржынск і Фаніпаль, але жонка катэгарычна адмовілася мець у пашпарце прапіску Дзяржынскага раёна. Перайменаванне на Коўданаўскі справу б вырашыла, але перспектыва гэта не хуткая 🙂 Добры напрамак на Барысаў і Лагойск, але там ужо даўно ажыятаж і са свабоднымі ўчасткамі напруга. Базіравацца каля Астрашыцкага гарадка таксама не асабліва хацелася: чуў, што там часта перакрываюць дарогу з-за аднаго школьніка. Добры варыянт – ваколіцы Заслаўя, але там сітуацыя як з Лагойшчынай: самае цікавае, зручнае і таннае даўно разабралі. Так мы дайшлі да гродзенскага накірунку – пачалі вывучаць ваколіцы Ракава.

Мінскі раён наогул не разглядалі – магу памыляцца, але зараз тут усё па аукцыёнах. Таму перайшлі адразу да Валожынскага: перш за ўсё я знайшоў на сайце выканкаму (можна і па абласцях глядзець) пералік свабодных участкаў. І сеў з картай гугла вывучаць, дзе якія вёскі знаходзяцца, як блізка ад Ракава, ці ёсць побач лес і вадаёмы, ці далёка ад трасы і г.д. Выпісаўшы на аркуш найбольш цікавыя вёскі, мы перайшлі да палявых экспедыцый – аб’ехалі ўсе гэтыя населеныя пункты і на месцы паглядзелі, што там і як.

І ведаеце, сітуацыя на карце і на мясцовасці – гэта дзве розныя сітуацыі. Па карце гугла здаецца, што ўсё клёва – і траса блізка, і рэчка ёсць, і лес побач. Збочваеш з трасы да вёскі – і апынаешся на жахлівай гравейцы. І разумееш, што ездзіць па ёй кіламетры чатыры  кожны дзень будзе зусім некамільфо для машыны. Ці прыязджаеш у вёску – а табе там проста не падабаецца…

З заяўленых на сайце райвыканкама свабодных участкаў нам ніводны населены пункт не падышоў. Але мясцовыя падказалі, што ў адной з вёсак хутка будуць наразаць поле на ўчасткі. Паехалі туды: вёска вялікая, ёсць раён катэджнай забудовы, краявіды прыгожыя, побач лес і невялікае возера, крама, дарога асфальтаваная. Да Менска – каля 30-35 км, да Ракава – пару кіламетраў. Да Іслачы – кіламетраў 7-10. Ну і напісалі заяву ў сельсавет.

Інфарматары з ліку мясцовых не падвялі – ўчасткі сапраўды ў хуткім часе нарэзалі: праз некалькі месяцаў мне патэлілі з сельсавета і запрасілі прыязджаць выбіраць участак. Паляцелі ў сельсавет, сталі разглядаць разам з такімі ж людзьмі з чаргі карту будучага раёна індывідуальнай забудовы – многія ўчасткі ўжо былі разабраныя! Выбралі парачку цікавых каля самага лесу, зафоткалі фрагменты карты на тэлефон і пагналі на месца.

Як я шукаў участак пад будаўніцтва дома

Пахадзілі па голым полі, трохі паазіраліся – трэба пагаджацца, пакуль іншыя не забралі! І паляцелі назад – забіваць на карце ўчастак і пісаць заяву аб яго выдзяленні.

Што рабіць далей – будуць казаць у сельсавеце. Трэба будзе абнавіць пакет дакументаў (раптам у вас што змянілася), заплаціць спецыялізаванай геадэзічнай арганізацыі за папку з інфармацыяй пра участак (яны ж патыкаюць палкі на межах участка), выкупіць сам участак (я плаціў 20% ад кадастравага кошту) і аформіць права ўласнасці на яго. У выніку атрыманне ўчастка ў дванаццаць з хвосцікам сотак мне бы абышлося ў 204 бакса (+ некалькі мільёнаў за паслугі геадэзічнай арганізацыі − на жаль, не магу знайсці квітанцыю).

І не забывайце, што цяпер узнікаюць абавязкі ў пэўны тэрмін збудаваць на ім дом (у першы год – пачаць будаўніцтва, на працягу яшчэ некалькіх – увесці ў эксплуатацыю), а іначай могуць адабраць назад. Ну і пасля ўводу ў эксплуатацыю яго нельга будзе адразу прадаць − толькі праз некалькі гадоў.

Як я шукаў участак пад будаўніцтва дома

На што звярнуць увагу, калі будзеце шукаць ўчастак

  • На пад’езды і блізкасць камунікацый. Паверце, калі электрычнасць, вада і газ прама каля ўчастку – гэта моцна спрашчае жыццё. Але пра гэты мой боль ў наступных серыях :);
  • Паглядзіце, ці ёсць сюрпрызы на ўчастку накшталт ахоўнай зоны, вадаёма, газапровада, ліній электраперадач і другіх штук, якія праходзяць прама па ўчастку. Гэта моцна можа паўплываць на планіроўку размяшчэння дома і другіх аб’ектаў;
  • Паглядзіце, хто суседзі;
  • Даведайцеся, якія планы па асваенню зямель побач (раптам вы хочаце крайні ўчастак, а сельсавет надумаў суседняе поле раздаць пад забудову);
  • Калупніце глебу – ад яе тыпу можа залежаць тып і кошт будаўніцтва падмурку дома;
  • Знайдзіце інфу пра глыбіню залягання вады (калі раптам прыйдзецца біць калонку або капаць калодзеж);
  • Паназірайце, як ходзіць сонца. У гэтым плане ў мяне невялікі касяк – пад вечар сонца хаваецца за дрэвамі, таму зараз не магу разглядаць варыянт усталёўкі сонечных батарэй;
  • Прыслухайцеся да шуму, калі ўчастак недалёка ад вялікай трасы (раптам потым пачне раздражняць);
  • Паспрабуйце знайсці ў інтэрнэтах праекты развіцця гэтых тэрыторый. Ну каб не атрымалася, што праз год побач пабудуюць другую МКАД або які свінарнік;
  • Ну і ацаніце перспектывы самой вёскі: што з транспартам, насельніцтвам, працай, інфраструктурай, ці ёсць побач шкодныя вытворчасці і г.д.
Задать вопрос эксперту

Комментарии

Всего комментариев: 0
Пожалуйста, пройдите авторизацию, чтобы оставить комментарий.

Фото

Жилой дом из детского конструктора

Видео

Третье видео videopress.com
Adblock
detector