ДомЭксперт

Як я пабудаваў каркасны дом на 94 квадраты без топачнай

У папярэднiх серыях блогер Павел Бераснеў  распавеў пра выбар дома i пра тое, як паставіць яго на участку. Сёння Павел расказвае, колькi яму каштавала пабудаваць каркасны дом “пад ключ” па праекту прадстаўніцтва расейскай канторы “Зодчий”, i цi застаўся ён задаволены якасцю пабудаванай хаты.

Усё добра, але топачнай няма

Самы галоўны аргумент −  цана. Такіх танных прапаноў фактычна за дом “пад ключ” улетку 2015 года на рынку не было (мо і зараз няма).

Другі аргумент – нам спадабалася планіроўка. Памер дома невялікі – 94 квадраты агульнай плошчы, але ўсе пакоі скампанаваны дастаткова кампактна.

Ёсць толькі адзін істотны недахоп праекту: няма спецыяльнага памяшкання пад топачную. Калі да ўчастку падведзены газ, то асаблівай праблемы няма – можна знайсці, куды прыткнуць газавы кацёл. А калі паліць дровамі – то трэба ўжо нейкім чынам выкручвацца. Пра тое, як мы плануем вырашыць гэтую праблему – трохі ніжэй.

І яшчэ адзін дробны касячок праекту: вялікае акно на першым паверсе пад лесвіцай не адкрываецца, бо упіраецца ў саму лесвіцу. Не крытычны касяк, але неяк дзіўна.

Глядзіце, як мы падзялілі пакоі:

Пакой #10 на другім паверсе першапачаткова таксама быў прыбіральняй. Але мы вырашылі, што справімся і з адной прыбіральняй на першым паверсе, а тут будзе мой утульненькі кабінецік. Жонка сказала, што калі мне не даць кабінецік, то кабінецікам стане ўся хата: з архівамі, паперкамі і цэлай гарой усяго таго, што вельмі важнае і нельга чапаць 🙂

Цяпер раскажу пра тое, якія дадатковыя опцыі мы заказалі (у дадатак да “Прэміум-камплектацыі”):

Канчатковая цана склала $25 560, з якіх каля 20 тысяч баксаў — за «Прэміўм-камплектацыю», а астатняе за дадатковыя опцыі.

То бок за 25 штук мы атрымалі падмурак (на палях), сам дом з дахам, дзвярамі (унутранымі і знешнімі) і вокнамі, дадатковыя опцыі са спіса вышэй, а таксама дастаўку дома на месца і яго зборку. Застаецца толькі дом пафарбаваць і правесці камунікацыі.

Што ж рабіць з топачнай?

Як я і казаў, з ацяпленнем дома па праекце «Фенік 2К» ёсць нюансы: куды заперці цвёрдапаліўны кацёл і ўсе астатнія бойлеры і помпы? Калі я прыносіў праект свайго будучага дома ў фірмы, што займаюцца ацяпленнем, яны ўважліва яго разглядалі пару хвілін, а потым пыталі: «Так, добры дом, але пакажыце, дзе ў вас тут топачная?» Пасля чаго моцна задумваліся пра магчымыя варыянты размяшчэння ацяпляльнага абсталявання.

Канечне, можна аддаць пад топачную пакой #4, але пазбаўляцца лішняга памяшкання не хацелася. Ды і як жонка без кабінеціка 🙂

Таму было знойдзена альтэрнатыўнае рашэнне: камін будзе не толькі дэкаратыўным элементам, але і асноўнай крыніцай цяпла – грэць ваду ў батарэях і кранах. Такія каміны называюцца «з вадзяным контурам». Сам камін стане ў холе, у калідорчыку – комін, бойлер і помпа. А частку пакойчыка #4 зойме буферная ёмістасць.

На сёння сістэма яшчэ не змантавана, але ў тэорыі ўсё выглядае добра: кідаеш дровы ў камін, любуешся на вогнішча, а ў гэты час грэецца дом і з кранаў цячэ гарачая вада. Калі камін пагас – цёпленькая вада ідзе з буфера.

І важны аспект для каміна з вадзяным контурам: сэндвіч-комін тут не падыходзіць. Трэба складваць што-небудзь больш надзейнае. Мне параілі керамічны комін Schiedel.

Пра кампанію “Зодчий”

Ну і пару словаў пра ўражанні ад працы з кампаніяй.

На той момант, калі мы выбіралі дом, я не мог нагугліць жывых водгукаў па Беларусі. Патлумачыць гэта можна было тым, што кампанія толькі выйшла на рынак нашай краіны. Па Расіі водгукі былі, але 50 на 50 — станоўчых і негатыўных. Затое ў іх стаяў сабраны дом «Фенікс 2К» на Ждановічах – можна было пахадзіць і паглядзець яго ўжывую (зараз дом перавезлі на асноўную выставачную пляцоўку на плошчу Ванеева).

Менеджар “Зодчего” Дзмітрый, якому я дурыў галаву на працягу пару месяцаў з усімі нюансамі, цярпліва адказваў на ўсе пытанні, паводзіў сябе тактоўна і карэктна (перадаю прывітанне, калі чытаеце гэты тэкст! 🙂 ).

Перад падпісаннем у дамовы былі ўнесены ўсё мае праўкі.

Падчас будаўніцтва было пару дробных нюансаў – але пра гэта пазней, у наступных серыях.

То бок ў цэлым кампанія стварае ўражанне адэкватнай. Але, канечне, ёсць лыжкі дзёгцю, якія псуюць агульную карціну. Раскажу пра адну такую лыжку — гісторыю з акном. Можа праз месяц пасля здачы дома я заўважыў, што мансардныя вокны працякаюць ў дождж. Напісаў у «Зодчий». Сказалі, што добра – выправім. Прыехала брыгада, паразглядала вокны. Аказваецца, яны няправільна паставілі жалезныя планкі, якія прыкрываюць шчыліны паміж акном і рамай – і іх здула ветрам. Тры планкі знайшлі, а адну – не.

І вось з лістапада 2015 года (!!!) “Зодчий” не можа прывезці пару дэталек, каб паставіць планку назад. І быццам бы яны памятаюць пра маю праблему, і спачуваюць па тэлефоне, і выбачаюцца, і расказваюць, што да фірмы-пастаўшчыка такіх вокнаў вось ужо тры месяцы не прыходзіць машына з дэталямі… Цана пытання – некалькі еўра (кошт дэталькі), але мне ад гэтага не лягчэй: вакно працякае з лістапада і на падлозе ляжыць цэлафанавы пакет, каб нічога не адсырэла і не пагніло.

P.S. Начальства з канторы “Зодчий”! Калі чытаеце гэты посцік, то ведайце, што вы самі сабе злыя бураціны: я доўга трымаўся, але ўсё-такі прыйшлося гадасць пра вас напісаць. Парамантуйце вакно!