ДомЭксперт

Як мы выбіралі, якім бокам паставіць дом на участку

Калі прыйшоў час уладкоўваць праект дома на участку, блогер Павел Бераснеў вырашыў не адступаць, а зрабіць усё так, як дазваляе яму яго цэльны кавалак зямлі. Але раённы архітэктар вырашаў інакш, і прыйшлося пайсці на некаторыя кампрамісы. Чытайце у гэтай серыі праекта «Хата з краю» пра збор паперак перад будаўніцтвам дома, а таксама пра тое, як Павел планаваў размяшчэнне пабудоў на ўчастку і спрачаўся з раённым архітэктарам на тэмы гарманічнай забудовы вёскі.

Калі маеце на руках пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўчастка і вызначыліся з праектам дома (або замовілі стандартны ў будаўнічай канторы, або вам намалявалі індывідуальны на заказ), можна пачынаць збіраць паперкі для будаўніцтва.

Спачатку трэба ехаць у свой сельсавет і пісаць заяву: маўляў, дазвольце будаваць дом. І пазначаць яго параметры: плошчу, колькасць паверхаў і г.д. (менавіта таму ўжо трэба вызначыцца з праектам)

Праз нейкі час адбываецца пасяджэнне сельсавету, і вам на рукі аддаюць рашэнне “Аб дазволе на правядзенне праектна-вышукальных работ і будаўніцтва аб’ектаў”. Таксама трэба атрымаць архітэктурна-планіровачнае заданне. У маім выпадку ехаць у райцэнтр не прыйшлося, ёсць нейкія выязныя дні ў чыноўнікаў – я забраў усё ў сельсавеце.

Цяпер наступае вельмі адказны момант: прыдумаць, як дом і другія аб’екты будуць размяшчацца на ўчастку. І знайсці кантору, якая вашыя жаданні ператворыць у план-схему. Там жа вас і пракансультуюць, што і дзе можна размяшчаць па нормах. Знайсці такую кантору не цяжка – у райвыканкаме падкажуць, куды звярнуцца. Мне нават параілі тую, дзе таннейшыя паслугі (каштавала гэта 301 800 руб + 10 тысяч камісія банка).

З наборам усіх сабраных паперак трэба патрапіць на прыём да галоўнага архітэктара раёна (у спецыяльны прыёмны дзень) і атрымаць пячатку на план-схему і на праект дома. Я да архітэктара ў Валожын ездзіў тры разы. Спачатку яму не спадабаліся дзве паперкі з домам, якія мне выдалі ў “Зодчим”: маўляў, гэта абы-што, а не праект. Прыйшлося купляць ў «Зодчего» прыгожую папку з праектам дома (праўда, гэтыя грошы потым вярнулі, паколькі пры заказе будаўніцтва дома праект бясплатны). Прыязджаю другі раз – а ў архітэктара паперка ў дзвярах тырчыць: “на выездзе ў Мінску”.  Патэліў яму на мабілу: і праўда ў Менску, нейкая сходка ў аблвыканкаме. Атрымалася, што 70 кіламетраў туды і 70 назад – коціку пад хвост. Пад’ехаць да яго ў Менск – таксама не варыянт, бо пячатка ў кабінеце ляжыць… Карацей, толькі з трэцяга разу я атрымаў патрэбныя штампы.

Дарэчы, прыйшлося з ім дыскутаваць і ісці на кампраміс. Вось як выглядае мой участак па плане, намаляваным яшчэ да раздачы зямлі:

Але я падумаў: навошта мне дом каля дарогі, калі ў мяне крайні вуглавы ўчастак і я магу яго засунуць паглыбей? Зусім у канец – нельга, бо форма ўчастка няправільная і там вельмі вузка, а ў сярэдзіну – самае тое. Тым больш, што бульбу масава я засяваць не планую – таму магу ставіць хату дзе заўгодна. І намаляваў неяк вось так:

Але аказалася, што не ўсё так проста. Архітэктар доўга бедаваў: такое размяшчэнне дома будзе псаваць усё архітэктурнае аблічча вёскі. Маўляў, трэба ставіць хаты каля вуліцы – тады будзе суперпрыгожанька. От і скажыце, нармальныя яны людзі, гэтыя чыноўнікі-архітэктары? Мне там жыццё жыць, а яны пра прыгажосць майго Богам забытага канцавога ўчастка на тупіковай вуліцы перажываюць!

І з гаражом непрыгожа выйшла: я яго запланаваў спачатку прама каля дарогі. Ну гэта ж лагічна: пад’ехаў да ўчастку, адкрыў вароты і заехаў у гараж. Аказваецца, нельга так! Зона гаспадарчых пабудоў у мяне ў канцы ўчастка, і туды трэба піхаць гараж. Я кажу архітэктару: няма логікі! Навошта ездзіць на машыне праз весь участак у гараж?! Ён пагаджаецца: логікі няма. Але па правілах трэба так і толькі так. І нават у другі куток (там дзе літара В) нельга перанесці гараж – ціпа суседу буду замінаць… Пры тым, што ў суседа як раз там гаспадарчыя пабудовы і намаляваныя.

Карацей, пайшлі мы з архітэктарам на кампраміс – я пакуль наогул адмаўляюся ад гаражу, а ён мне падпісвае план-схему з домам пасярэдзіне. Я вырашыў, што ўсё роўна гараж – справа не першай неабходнасці, а потым будзе бачна, куды яго заперці. Вось як атрымалася ў выніку:

Цяпер пра тое, як мы вырашалі, якім бокам павярнуць дом

Дом на макет я ставіў рознымі бакамі. Сядзеў і думаў, які варыянт лепшы. І мне падаецца, што падабралі найбольш аптымальны (толькі не пішыце ў каментах, што няправільна – усё роўна ўжо не перавернеш, а я буду перажываць).

Якія фактары трэба ўлічваць:

Дарога. У нашым выпадку – тупіковы заезд, таму вялікага руху нават у перспектыве не будзе. Тым не менш, вырашылі аднесці дом падалей у глыб участка. Бо ніколі не разумеў прыколу ставіць хаты прама каля вуліцы.

Суседзі. Пажыўшы ў горадзе, дзе панэлькі заглядаюць вокнамі адна ў адну, хочацца схаваць дом ад суседзей. І вокны размясціць так, каб ніхто туды не зазіраў.

Сонца. Суперважны фактар, які, напэўна, трэба ставіць на першае месца. Пасачыце, як яно ходзіць напрацягу дня, каб зрабіць высновы, якія пакоі і калі яно будзе асвятляць і праграваць.

Як гэта атрымалася ў нас:

Акно кабінеціка жонкі на першым паверсе і два вакны спальні на другім павернуты прыкладна на ўсход (на маім малюнку вышэй гэта бок Б-В, на фота — тры вакны злева ад ганку). Там жа – суседні ўчастак, але да яго далекавата.

Сцяна з дзвярыма на будучую тэрасу павернутая да леса (яе на фота не відаць). Тут большасць дня будзе сонечна (пакуль сонца не схаваецца за лесам), але асноўны фактар быў усё-такі не сонечны: хацелася, каб тэраса выходзіла ў бок леса, а не суседзей. Па-першае, каб можна было выйсці і спакойна там сядзець у адзіноце, а, па-другое, існуе небяспека, што суседзі адгародзяцца металапрофілем. У такім выпадку выгляд на лес значна больш прывабны, чым на металапрофіль. Ну з гэтага ж боку мансарднае вакно ў будучым дзіцячым пакоі – сонца ў другой палове дня трапляе дастаткова.

Яшчэ адно вакно дзіцячага пакою на другім паверсе, а таксама акно кухні таксама глядзяць на лес (самы маленькі бок участка, на фота таксама не відаць). Можна будзе гатаваць ежу і бачыць, як на пах выходзяць ласі, ваўкі і зайцы 🙂 Пад вечар будзе трапляць трохі сонца, але не так шмат, бо яно хаваецца за лесам.

Ну і апошняя сцяна, дзе вокны з лесвіцы і невялікае вакно туалета (на фота справа ад ганку) – выходзяць на ўчасткак другога суседа.

А наогул, лепей самі пагугліце пра тое, як правільна арынтаваць дом па баках свету. А то я вам зараз яшчэ нараю абы-чаго 🙂 Вось праз пару гадоў, калі пажывем у доме, я напішу новы посцік пра тое, ці правільна мы паставілі хатку.

Што мы зрабілі з участкам

Участак у нас няроўны – перапад паміж межамі складае некалькі метраў. Выроўніваць пакуль не сталі – можа калі і падсыпем зямелькі, але пакуль хай будзе так.

Таму маніпуляцыі былі мінімальныя: перш за ўсё я пайшоў у лес і прыцягнуў некалькі сухіх верхавін дрэваў, якія ўкапаў па кутах – каб не загубіліся межы ўчастка.

А перад прыездам будаўнікоў участак прыйшлося пакасіць. Спачатку думаў надыбаць бензінавы трымер. Але пазычыць асабліва не было ў каго, а купляць – не варыянт, бо ён, канечне, спатрэбіцца ў будучыні, але дзе яго пакуль захоўваць? Таму прыкупіў у краме ручную касу. Але не звычайную, а трохі мадэрнізаваную – жалезную і складную. Пазырыў відосы на ютубе і пайшоў махаць. У прынцыпе, прыкольна – за два заходы даўно закінуты ўчастак быў ачышчаны. Цяпер можна ехаць на Спораўскія сенажаці на спаборніцтвы − аб’яўляю набор у сваю каманду другога касца! 🙂

Ну і ўжо па восені, калі дом стаяў, знайшоў трактарыста, які за 400 тысяч пераараў участак.

Нядаўна на ўскрайку пасадзіў грэцкі арэх − спадзяюся, зайцы не абгрызуць. Ну і чакаю, пакуль прарасце трава, каб пратравіць сарнякі. Потым трэба неяк усё параўняць і па-ціху рабіць газончык. За развядзенне газончыка я не асабліва перажываю, бо маю цесця-агранома, які вырошчвае газон на салігорскім стадыёне для «Шахцера» 🙂

Папярэдняя серыя: Як я выбіраў дом сваёй мары: акцэнт на матерыялы сцен