Как найти свой кусок земли и съехать из города? Инструкция для настоящих белорусов

  • 16 марта 2017
  • 1478 просмотров
  • 1 комментариев

Пачалася вясна, і прыйшоў час памарыць пра ўласнае жыллё па-за межамі буйнога гораду. Нехта марыць пра аднапакаёўку ў Прылуках ці Фаніпалі, а хтосьці шукае хату ды надзел зямлі па-за межамі мінскай колавай дарогі. Кожнаму сваё, але калі вясковыя краявіды і спакой напаўняюць вас радасцю і прагай да жыцця, то гэты артыкул для вас. Давайце паразмаўляем аб тым, як вызначыцца з месцам новага жыхарства на вёсцы, як шукаць зямлю, колькі яна каштуе, і дзе можна пабачыць абрысы сваіх патэнцыйных уладанняў. Пра ўласны досвед і алгарытмы пошуку надзелаў зямлі распавядае архітэктар Міхась Кулажанка.

1. Перш за ўсё, неабходна зразумець, навошта вам маёмасць у вёсцы? Цішыня? Прырода? Лыжы? Мотаспорт? Рыбалка? Ці, можа быць, карова, каза ды куры?

Персанальна нам з жонкай патрэбна была адсутнасць суседзяў і музыка прыроды замест гукаў рухавікоў.

Звярніце ўвагу таксама на тое, што існуюць некалькі тыпаў надзелаў зямлі па мэтах карыстання. Напрыклад зямля “для будоўлі і абслугоўвання індывідуальнага жытла” (абавязкова трэба будаваць дом), зямля “асабістай прысядзібнай гаспадаркі” (трэба карыстацца ў гаспадарчых мэтах, нельга будаваць капітальныя пабудовы), а таксама “дачныя таварыствы”. Пры куплі звяртайце ўвагу на дакументы. Магчыма, у пасведчанні аб рэгістрацыі надзела будуць прапісаныя абмежаванні карыстання. Напрыклад, калі маеце жаданне набыць зямлю побач з возерам, ракой ці ручаём, хутчэй за ёсё ўбачыце ў пасведчанні “вадаахоўная зона”, што дадае крыху складанасцей карыстання (іншыя каналізацыйныя септыкі, забарону на мыцце машыны з хімікатамі і г.д). Акрамя гэтага можна патрапіць на “прыбярэжную зону”(яшчэ болей абмежаванняў чым з “вадаахоўнай зонай”) ці “зону аховы энергасеткі”. Пра ўсе абмежаванні можна пачытаць у заканадаўстве.

Наш хутар

2. Варта вызначыцца з  накірункамі, якія з’яўляюцца для вас прыарытэтнымі, ці якія вам не пасуюць

Тут крытэрамі могуць з’яўляцца транспартная даступнасць, суседства з роднымі мясцінамі, наяўнасць улюбёнай рэчцы, якасць шашы і гэтак далей.

 

Для мяне, стоп-накірункамі ад Менску з’яўляюцца шаша на Барысаў (з-за небяспечнасці) і накірункі на Слуцак, Гомель і Магілёў (з-за панулых мясцінаў). І наадварот, з-за наяўнасці лесу і добрай транспарнай сувязі цікавяць накірункі на Валожын і Лагойск, крыху меней — на Бярэсце і Маладзечна.

3. Накірунак абралі. А зараз трэба вызначыцца, наколькі далёка жадаеце жыць? 10 км ад горада? 50 км?
Першы пераезд з Менску за межы колавай дарогі абавязкова выклікае страх і шмат пытанняў. Але па ўласнаму досведу жыцця на вёсцы напрацягу 10 год магу сказаць, што розніцы няма, якая ў вас адлегласць ад мінскага кола. Ці 3 км, ці 20 км, але пешшу да метро не дойдзеш.

Такім чынам, можна прыблізна адзначыць сектар.

Я для сябе вырашыў, што ездзіць у Менск  будзе занадта доўга, калі адлегласць складзе больш чым 50-60 км. У той жа час бліжэй за 20-30 км цішыні я ўжо не знайду.

Заўвага: адлегласць 50 км па шашы да Менску на машыне зойме каля 30 хвілін, а па маленькіх дарогах, з-за іх недагледжанасці — можа і больш за гадзіну. Таму, было б аб’ектыўней закласьці нейкія больш складаныя алгарытмы для вызначэння адлегласці пошуку. Але гэта патрабуе зашмат часу, які, як на маю думку, лепей правесці ў натурным пошуку.

4. Вызначыць, які тып паселішча падыходзіць вам болей. Аграгарадок? Вёска? Хутар? Дачнае таварыства? Трэба адразу улічваць баланс паміж цішынёй і інфраструктурай. Па маіх назіраннях, спачатку менчукі вельмі занепакоены адсутнасцю тралейбусаў, паліклінік, крам і дзіцячых садкоў ў крокавай дасягальнасці. Магчыма, першым аптымальным варыянтам будзе населены пункт кшталту Астрашыцкага Гарадка, дзе ёсць і сельсавет, і школа з басейнам, і амбулаторыя, і крамы.

Да таго ж, трэба ўлічваць, што у розных тыпах паселішчаў розныя патрабаванні да продажу зямельных участкаў. Напрыклад, у садовым таварыстве не абавязкова набываць зямлю пад забудову і рэгістраваць дом (ён можа лічыцца «гаспадарчай пабудовай” і не мець адрасу).

 

Мы, напрыклад, жывём у вёсцы (юрыдычна), але фактычна — сярод катэджаў, дзе няма, нават, крамы. І нічога —  жывём, і гэта ніяк не ўплывае на жыццё. Падчас будоўлі самастойна правялі ў вёску газ, электрычнасць і ваду. Таму ўласны досвед жыцця па-за межамі Менска мы ўжо мелі, і чаго чакаць ад набыцця новага жытла разумелі крыху больш, чым менчукі. Наш прыарытэт — цішыня, шмат зямлі, адсутнасць праяздной дарогі (магістральным вёскам, якія «сядзяць на транзіце» — адразу казалі «не»).

5. Такім чынам, паступова адзначаем патэнцыйна цікавыя мясціны ў накірунках, якія мы разглядалі ў трэццім пункце. Як гэта рабіць? Я карыстаюся трыма мапавымі сэрвісамі адразу:

а) мапа Камітэта па маёмасці (http://map.nca.by/map.html) дазваляе бачыць дзе знаходзяцца абраныя ўчасткі. Для гэтага трэба ў меню справа адзначыць птушкай «зямельныя ўчасткі». Тады вы пабачыце вёску ці хутар у лесе, якія не бачныя на звычайнай мапе, даведаецеся памеры кавалкаў зямлі, калі націсніце на сам участак.

 

б) мапа з сайту Мінулае і Глобус (http://orda.of.by/) дазваляе разглядаць гістарычныя мапы, спадарожнікавыя здымкі і розную картаграфію. Тут вельмі зручна паглядзець, якая вуліца з’яўляецца тупіковай, дзе стрэхі драўляных хат, а дзе дахі катэджаў, дзе ў населеным пункце ёсць рэчка, ці возера, дзе маюцца сезонныя дарогі, размешчаны фермы, ці разараныя палі.

 

в) абраныя населеныя пункты, ці кавалкі населеных пунктаў адзначаю на адмыслова створанай персанальнай мапе ў googlemaps, дзе ў тлумачэннях да кожнай кропкі можна запісаць свае каментары. Пасля наведвання мясцінаў у рэальнасці на мапе мяняю колер адносна маіх крытэрыяў. Аб тым, як ствараць мапы, можна прачытаць па спасылцы http://mi-ku-apx.livejournal.com/70924.html

 

6. Чыстая зямля. Пасля Чарнобыльскай трагедыі, на жаль, мы маем забруджаныя тэрыторыі не толькі ў Гомельскай вобласці, але і побач з Менскам, таму ўважліва гартаем «Атлас современных и прогнозных аспектов последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС» (старонкі 54-77, спампаваць можна па спасылцы http://www.chernobyl.gov.by/index.php?option=com_content&view=article&id=26&Itemid=55 і ў нізе артыкулу) і шукаем, ці не патрапілі нашы прыарытэтныя мясціны ў зону радыяцыі. У атласе можна пабачыць, што некаторыя тэрыторыі на захаде і на поўначы ад Менску варта выкрэсліць са сваёй зоны пошуку, як радыяцыйна небяспечныя.

7. Каб за адзін раз праглядзець больш за дзве кропкі сваіх прэарытэтаў, варта вызначыць найкарацейшы шлях руху, што завецца задачкай каміваяжора. Са знойденага ў інтэрнэце, лепш за ўсё працуе бясплатны сайт http://gebweb.net/optimap/. Сюды, кропка за кропкай, па каардынатах трэба закінуць ўсе вёскі, дзе першая і апошняя кропка – пачатак руху. У выніку атрымаем адну з варыяцый найбольш аптымальнага па даўжыні шляху. Нажаль, з аўтаматызацыяй (імпарт кропак і экспарт маршруту) на сайце ёсць праблемы.

 

8. Едзем на месца, глядзім, размаўляем, фатаграфуем, запісваем свае думкі. Калі пашанцуе, знойдзеце жаданае хутка, калі не — будзе шмат цікавых і прыемных выходных па-за межамі горада. Абавязкова бярыце з сабою пітво і ежу, бо ў вас фактычна атрымаецца гатовая вандроўка з пікніком. Размаўляйце з жыхарамі, бо яны могуць быць вашымі патэнцыйнымі суседзямі і ўжо ведаюць усе плюсы і мінусы гэтых мясцін. Сачыце таксама ці маюцца на невялікай адлегласці крама, школа, і г.д.

9. На месцы звяртайце ўвагу на ўсе свае крытэрыі, з якімі вы вызначыліся раней, у тым ліку – пытанні наяўнасці інжынерных камунікацый. Ці ёсць электрычнасць, газ, вада ў вёсцы, ці пракладзены асфальт. У выпадку адсутнасці аднаго ці некалькіх, варта звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт з запытам. Калі адказа не атрымаеце — трэба пісаць адпаведным пастаўшчыкам паслуг каб высветліць наяўнасць праекту на сеткі і час выканання прац. Па тых сетках, якія маюцца на аб’екце будзе разумна даведацца пра адсутнасць запазычанасці на рахунку.

10. Калі вам спадабалася вёска, але не знайшлі на месцы існуючай хаты і хацелі б набыць кавалак зямлі з аўкцыёна, варта скарыстацца яшчэ адным сэрвісам Камітэта па маёмасці (http://vl.nca.by). Тут можна даведацца колькі каштуе зямля за 1 м.кв. у межах гэтага населенага пункта, а калі памножыць на 1500 метраў (звычайна на аўкцыёнах прадаецца 15 сотак) атрымаеце кадастравы кошт патэнцыйнага надзелу. У дадзеным прыкладзе 1,55*1500=2 325$. Кошт прыблізны, і на аўкцыёне ён можа крыху адрознівацца, але гэта дае магчымасць зразумець, ці варта ісці вам на аўкцыён. Калі кошт і патэнцыйны надзел вам падабаюцца, а кавалак зямлі знаходзіцца ў межах населенага пункту, то варта ехаць у раённы ці сельскі выканкам і заяўляць аб сваёй рашучасці стаць яго ўласнікам. Новы надзел ствараецца па замове, але набыць яго можна будзе толькі праз аўкцыён. Тут ужо магу вам пажадаць застацца адзіным прэтэндэнтам на аўкцыёне і атрымаць СВАЮ зямлю па кадастравым кошце + 5%.

P.S. А калі шукаць самастойна зямлю вам лянота, то можна скарыстацца прапановамі на сайце http://realt.by, ці маніторыць аб’явы на «Куфары». Гэтыя сайты дапамогуць вам праз браўзер адразу знайсці і прадаўца, і хату, якая чакае новых уладароў.

 

Текст: Міхась Кулажанка

Задать вопрос эксперту

Комментарии

Всего комментариев: 0
Пожалуйста, пройдите авторизацию, чтобы оставить комментарий.

Фото

Жилой дом из детского конструктора

Видео

Третье видео videopress.com